Касцяк тэатра ўзнік дастаткова даўно — першыя свае праграмы мы пачалі рабіць каля дзесяці гадоў таму. Пасля гэтага мы працавалі на самых розных пляцоўках, сярод якіх Музейны комплекс «Дудуткі», сядзіба «Эквестрыя» пад Валожынам, парк-музей інтэрактыўнай гісторыі «Сула», сядзіба Наквасы, сядзібна-паркавы комплекс «Дукорскі маёнтак»…
У нас ёсць правіла – ніхто з нас не мае ўнутранага права нічога расказваць гледачам з таго, чым не валодае сам, бо атрымаецца звычайная … хлусня, няхай сабе і дастаткова навуковая. У выніку нараджаецца наша ўнікальнасць, бо па сутнасці мы – не толькі артысты, але ж даследчыкі і студэнты (у старадаўнім разуменні гэтага слова). Студэнты захопленыя і апантаныя, а значыць – як любы па-добраму апантаны чалавек – здольныя заразіць іншых хаця б часткай свайго захаплення.
Менавіта гэтым — перадачай захаплення роднай гісторыяй нашым гледачам — і займаемся мы падчас усіх нашых праграм, галоўная мэта якіх – даць магчымасць чалавеку адчуць сябе саўдзельнікам адроджанай атмасферы старадаўняй літвінскай шляхетнасці. А вось разнастайных артыстычных форм для гэтага можна вынайсці безліч. Што мы і стараемся рабіць!