Дудзічы

Калi б гадоў зь дзесяць таму хто-небудзь сказаў мне, што хутка пра нашыя старыя Дудзiчы не спамяне хiба якая зусiм цьмяная менская газэта, што будуць раз-пораз зьлятацца сюды ледзьве не з усяго сьвету самыя-самыя (нават самi Васiль Быкаў з Андрэям Вазьнясенскiм!), што пацягнуцца па новай — бязь ямiнаў ды агромнiстых калюжын! — гравейцы калёны з чырвоных Iкарусаў з абыякавымi шкалярамi, бялюткiх Нэаплянаў зь цiкаўнымi немцамi й французамi ды самаздаволеных даражэнных самаходаў зь нетаропкiмi тлустымi бiзнэсоўцамi, я б, напэўна, шчыра расьсьмяяўся. I, як вiдно, дарэмна…

Старадаўнiя Дудзiчы дзьвюма скрыжаванымi вулiцамi палеглi на адлогай тэрасе разважлiвае цягам году, але шалёнае ўвесну Пцiчы. Калiсьцi людзкое селiшча й рака жылi адным супольным жыцьцём. Вадою зьяжджалiся купцы на славутыя дудзiцкiя кiрмашы, што ладзiлiся ледзьве ня кожны месяц; вада, абярнаючыся на колы вялiкага млыну, малола тутэйшую збажыну на лёгкую хлебную муку; на вадзе сьцiшаных пцiцкiх старыц ды адмысловага каналу для веславаньня, гайдаючыся на хвалях у лодках, спачывала гарачаю летняю парой шляхецкая моладзь з панскага маёнтку — родавага гнязда Ельскiх. Так было. Сёньня скалечанае жыцьцё чалавечае грамады, лiчы, нiяк ня лучыцца са спакойным рухам цёмнае рачное вады. Хiба што часам лядашчая вясковая моладзь, сабраўшыся несуладнаю гурай ды закiнуўшы драцiну на слуп, наглушыць жменю драбненькiх плотак цi мянтузоў, або ўвалiцца ў ваду дурное калгаснае цяля.

Цяперашнiя Дудзiчы складаюцца зь пяцi частак. Раён перакрыжаваньня вясковых вулiц носiць сакавiтую назву Крыжык. Уласна Дудзiчы горнуцца да праваслаўных могiлак i крамы. Пятнаццаць хат, што непасрэдна суседзяць з ракою, раскiнутыя па абодвух берагох ды злучаныя хiсткiмi кладкамi (старадаўнi драўляны мост разам з млынам спалены вайною савецкiмi партызанамi), носяць назоў Пцiч. Паўсталы цягам сацыялiстычных пяцiгодак усходнi працяг вёскi зьдзеклiва названы Культурай. Пятая ж частка — зусiм новая вулiца аднолькавых калгасных катэджаў — безназоўная. Ёсьць тут, аднак, яшчэ адна дзiвосная старадаўняя назва — Кобань. Але гэта ўжо сумная й непрыгожая старонка тутэйшае найноўшае гiсторыi.

За саветамi Дудзiчы забылiся на сваю даўнiну. Дзiвосна, але правёўшы тут добрую палову дзяцiнства, я упершыню даведаўся пра славутых Ельскiх, Уладзiмера Дудзiцкага ды Ўладзiмера Хадыку толькi значна пазьней i з кнiжак. Вяскоўцы памятаюць сёньня толькi, што быў калiсьцi ў Дудзiчах пан. З цэглы раскiданага яшчэ напачатку бальшавiцкага часу панскага палацу, фактычна на ягоным падмурку, калгас збудаваў велькi сьвiнарнiк. Прастаяў ён няшмат, i сёньня ня знойдзеш тут анi палацу, анi сьвiнарнiку, анi хаця тае старадаўняе цэглы. Толькi крапiва шугае вышэй за чалавечы рост. Згадкаю мiнуўшчыны засталiся адно зарослыя лазой рэшты веславальнага каналу, што пераразаў колiсь пляскатую шыйку лукавiны Пцiчы, ды яшчэ Кобань…

Кобань (цi Кобан) — гэта сорам Дудзiчаў. Пачынаючы зь пятага стагодзьдзя да нашае эры, аж да пятага стагодзьдзя нашае тут было гарадзiшча. Пазьней, напэўна стагодзьдзi ў шаснаццатым,(зь якога, дарэчы, i вядомае мястэчка Дудзiчы) на гэтым жа мейсцы паўсталi каталiцкiя (калi дакладна, дык унiяцкiя) могiлкi. З канца ж дваццатых гадоў нашага стагодзьдзя Кобань была занядбаная ды паступова пачала наўпрост зьнiшчацца. Спачатку людзi расьцягнулi цэглу, зь якое былi збудаваныя фамiльныя шляхецкiя скляпы. Потым высеклi магутныя хвоi, што ў два шэрагi абкружалi калiсьцi узгорак,дзе месьцiлiся могiлкi. Нарэшце ж, падагнаўшы пачвары-экскаватары, пачалi зрываць сам узгорак, звозячы каштоўны ў гэтых глiнiстых мясьцiнах пясок на калгасныя будоўлi. Добра памятаю, як хлапчанём рыючыся ля падножжа адвеснае пяшчанае сьцяны кар`ера, раптоўна выграб пабiты трэшчынамi надмагiльны камень. Мне тады зрабiлася страшна…

Дзякаваць Богу, сёньня становiшча крыху выправiлася. Знайшлi ды аднавiлi пахаваньнi некаторых Ельскiх, у прыватнасьцi Аляксандра Карлавiча, паставiлi ды ўсьвяцiлi памятны крыж. На невялiчкай пцiцкай выспачцы паўстала драўляная пастава музыкi са скрыпкаю, гэтак падобная на Мiхала Ельскага. Ужо колькi год у Музэi матарыяльнае культуры, збудаваным за ракою на ўскрайку пасёлачка Пцiч, ладзяцца «Ельскiя чытаньнi» ды «Фэсты старасьвецкае культуры». Але ж i гэтая тычына а двох канцох…

Зусiм недалёка ад апошняе пцiчанскае хаты была даўней мясьцiна, што называлася Галiмшчына. Зарослы мурогам каменны падмурак хаты, перарывiсты земляны валок на мейсцы хлява, спадзiстая ямiна там, дзе месьцiўся калодзеж, круглая сажалка зь векавымi пахiленымi вербамi, старая вузлаватая iгруша. Раней тут быў хутар. Кажуць, ягоны валадар Галiмскi быў дужа спраўным гаспадаром. Адно сьвiней трымаў цэлы статак. Дзеля гэтае нагоды ён адгароджваў велькi кавалак забалочанага ды зарослага лазьняком ляснога берага. Вiдаць тутэйшыя ваўкi былi ня надта прагныя, затое белыя сьвiньнi з гэтае загарадкi часта парасiлiся палошчатымi парсючкамi-дзiчкамi… За бальшавiцкiм часам Галiмскi з усяею сямьёй быў забiты. Але Галiмшчына засталася утульнаю ды прывабнай, крыху загадкаваю й чыстай. А побач адзiнокаю лясною выспаю пасярод зялёнае лугавiны кiваў вершалiнамi маленькi яловы барок.

Сёньня Галiмшчыны няма. Як раз на яеным мейсцы i збудаваны вядомы ўжо Музэй матарыяльнае культуры. Высокiя сьпiчастыя дахi, гасьцёвыя залi, пякарня, ганчарня, кузьня, выставы старадаўняга сялянскага начыньня ды «аўта-рэтра». Яшчэ канюшня зь верхавымi коньмi, хлеў зь дзясяткам кароваў, авечкамi, козамi, аслом ды понi; зробленыя на стары манэр фурманкi ды маленечкi бровар на мяйсцовыя патрэбы. А яшчэ… завалены сьмецьцем колiшнi яловы барок, спляжаная кiнутым жалезьзем, дротам, трубамi й скамянелым цэментам сенажаць ды нахабныя бамбiзы-ахоўнiкi. Афiцыйна гэта называецца музэй Дудуткi, а прамiж сабой — зусiм не прыгожым старадаўнiм назовам Галiмшчына, а жахлiвым словам «прамзона».

Увечары, калi ўсё чужынцы-вiзыторы зьяжджаюць нарэшце дахаты, на вёску зноў апускаецца цiшыня. На сакавiта чорным небе ясачкамi блiскаюць дрыготкiя зоры, i чуваць, як задуменна бруiць пцiцкая вада, саскокваючы з рэштаў колiшняе плацiны. Дудзiчы.

Андрэй Захаранка

Менск