"Электрычны чалавек" з Наднёмана

Зусiм недалёка ад старадаўняга мястэчка Пясочнае, што на Уздзеншчыне, на высокiм правым беразе славутай беларускай ракi паўстаў амаль два стагоддзi таму утульны шляхецкi маёнтак з простай прыгожай назвай Наднёман. Спiчастая гатычная брама запрашала ў прыемны цень старога парку, дзе за гонкiмi ясенямi ды разлапiстымi лiпамi хаваўся светлы мураваны палац з чырвоным чарапiчным дахам, лiтой чыгуннай лесвiцай параднага ўваходу, наборным блiскучым паркетам у вольных залах i каляровымi вiтражамi на высокiх вокнах. Iмя ўладальнiка было добра вядома ў Iталii, Францыi, Германii, Аўстрыi, Расii — Якуб Наркевiч-Ёдка.

Еўропа другой паловы дзевятнаццатага стагоддзя жыла сваiмi балючымi праблемамi. Але i яны не перашкодзiлi дасцiпнай музычнай публiцы заўважыць i праўдзiва адзначыць блiскучае турне юнага пiянiста i кампазiтара з беларускага краю. Выхадзец са старога шляхецкага роду, што цягнуў свой радавод яшчэ з часоў Ягайлы, меў, паводле словаў адной з тагачасных газет, нават «выдатныя водгукi каранаваных асоб». У 1868 годзе ён, былы выпускнiк Мiнскай губернскай гiмназii ды, аднаго часу, навучэнец Парыжскай кансерваторыi Якуб Атонавiч Наркевiч-Ёдка, ва ўзросце 21 году атрымлiвае становiшча службоўцы 1-га разраду Маскоўскага дваранскага сходу i курс тэорыi музыкi ў маскоўскай жаночай Марыiнска-Ярмолаўскай вучэльнi.

Здавалася б — што яшчэ трэба? Але душа маладога Якуба жадае нечага большага, невядомага i захапляючага. Мiнае кароткi час i ненатоленая прага ведаў iзноў кiдае няўрымслiвага музыку ў неспакойную Еўропу. Але гэтым разам спектр яго цiкавасцей расцягваецца значна шырэй. Прыродазанўства, хiмiя, фiзiка, медыцына… Рым, Вена, Парыж, Iнстытут медыцыны ў Фларэнцыi, медыцынскi факультэт Сарбоны. Паступова з бясконцага мора юнацкiх захапленняў выкрышталiзоўваецца адзiны ёмiсты кiрунак. А колiшнi ўзнёслы летуценнiк паўстае сталым навукоўцам, знаўцам у вобласцi атмасфернай элетрычнасцi, магнетызму i электратэрапii, стваральнiкам унiкальнага навуковага цэнтра ў сваiм маёнтку на Бацькаўшчыне, а да таго — урачом, фiлантропам, цудоўным гаспадаром, бацькам пяцi дзяцей ды проста жывым i творчым чалавекам.

На пагорку над самым Нёманам, сярод старых, напалову пасохлых дрэваў ды свежага маладога хмызу самотна паглядаюць чырванню старадаўняй пашэрпанай цэглы руiны шляхецкага гнязда. Вузкая дарога вядзе ад зарослай пустазеллем, але добра ацалелай брамы на даўнейшы панскi двор. Роўны шэраг высачэзных сухiх аблупленых люмiнаў выцягнуўся ўздоўж набiтых каляiн, нiбы жалобнай вартай. Гэта Наднёман сёння.

Вось тут, дзе пад маiмi нагамi трускае аскепкамi агромнiстая гара цаглянага бою, зусiм не так даўно стаяла прыгожая, амаль трыццаць метраў вышынёй, вежа. Яшчэ на пачатку нашага стагоддзя тут мясцiлася метэаралагiчная абсерваторыя 1-га разраду, што ўваходзiла ў склад Галоўнай геафiзiчнай абсерваторыi Пецярбургскай Акадэмii навукi Расii, створаная Якубам Наркевiчам-Ёдкам. Станцый падобнага высокага ўзроўню, якiя з дапамогай высокадакладных самапiсных прыбораў бесперапынна вялi комплексныя метэаралагiчныя i магнiтныя назiраннi, было лiтаральна некалькi ва ўсёй тагачаснай Беларусi. А з апошняга паверха вежы лёгкi наднёманскi вецер разносiў казачныя гукi Эолавай арфы.
Вось тут, сярод сённяшнiх рэштак магутных сцен, у сутарэннях палаца знаходзiлася самае галоўнае — даследчыя лабараторыi гаспадара. Цяжка паверыць, але менавiта тут у другой палове мiнулага стагоддзя iм былi задуманы i цалкам забяспечаны усiм неабходным абсталяваннем хiмiчная, электрабiялагiчная, электрагарфiчная, астранамiчная лабараторыi. Галоўнае навуковае захапленне Наркевiча-Ёдкi — электрычнасць, у першую чаргу атмасферная i звязаная з жывымi iстотамi. Тут у Наднёмане, упершыню ў свеце, яму задалося зафiксаваць на фотапласцiнцы нябачныя электрычныя разрады, што адбываюцца ў паветры вакол раслiн, жывёл i чалавека. Новы метад быў названы электраграфiяй.

Зарослая травою, звiлiстая дарожка вынырвае з ценiстага парку, мiнае пукаты ўзгорак i губляецца ў светлым лясочку. Калiсьцi там, сярод высокiх бурштынавых соснаў былi раскiданы утульныя будынкi славутай летняй лячэбнай установы, сучаснаю мовай — санаторыя, Якуба Наркевiча-Ёдкi. Каля пяцiдзесяцi чалавек штогод бясплатна праходзiлi тут лячэнне. Для iх, як паведамляе рэкламная аб`ява мiнулага стагоддзя, прапаноўвалiся, акрамя цудоўнага адпачынка над разважлiвым Нёманам, «рознага роду ванны: электрычныя, сонечныя, паветраныя; масаж, гiмнастыка, купанне». Але галоўнае — кумыс i электратэрапiя.

Вытворчасць кумысу была наладжана тут, мабыць, упершыню на Беларусi. З гэтаю мэтай у адмысловых мураваных стайнях трымаўся вялiкi табун дойных кабылiц. А сам вытворчы працэс кантраляваўся спецыялiстамi-башкiрамi. Акрамя забеспячэння ўласна пацыентаў санаторыя, штогод усiм жадаючым, у асноўным жыхарам навакольных вёсак раздавалася каля дзьвюх тысяч бутэлек рэдкага малочнага прадукта. Да таго ж вырабляўся i кефiр, i тое, што мы сёння называем фруктовым ёгуртам.

Што ж да электратэрапii, то яе арыгiнальны метад распрацаваны асабiста Я. Наркевiчам-Ёдкам i ўпершыню выпрабаваны ў 90-х гадах дзевятнаццатага стагоддзя ў Iнстытуце фiзiялогii ў Рыме, дзе быў ухвалены вядучымi спецыялiстамi, атрымаўшы назву «Сiстэма Ёдкi». Па сутнасцi, гэта было аднаўленнем старажытнай iгларэфлексатэрапii, або iглаўкалвання, на новым навуковым узроўнi. Замест iголкi выкарыстоўваўся нябачны электрычны разрад, а неабходныя зоны ўздзеяння, або кропкi акупунктуры, вызначалiся дакладна з дапамогай электраграфiчных здымкаў, якiя iх цудоўна адлюстроўвалi. Абапiраючыся на электраграфiю, Якуб Атонавiч мог таксама больш дакладна праводзiць дыягностыку i назiраць змены стану хворага падчас лячэння. У вынiку за некалькi год, выкарыстоўваючы апiсаны метад, а таксама электрамасаж ды таксама iншыя арыгiнальныя знаходкi, Наркевiч-Ёдка здолеў вылячыць каля дваццацi выпадкаў паралiчаў i цяжкiх застарэлых рэўматызмаў.

Дзiвосныя навуковыя вынаходнiцтвы Якуба Наркевiча-Ёдкi можна пералiчваць яшчэ вельмi доўга. Не выпадкова ён — ганаровы доктар Венскага медыцынскага таварыства, ганаровы сябра Iтальянскага фiзiка-матэматычнага таварыства Галiлея, ганаровы сябра Iтальянскага медыка-псiхалагiчнага таварыства, Сябра Электратэрапеўтычнага таварыства пры Парыжскай Акадэмii навук, ганаровы сябра Французскага астранамiчнага таварыства, член-супрацоўнiк Iнстытута эксперыментальнай медыцыны ў Санкт-Пецербургу, член-карэспандэнт Парыжскага медыцынскага таварыства… I гэты шэраг можна працягваць.

Гэта ён, Якуб Атонавiч Наркевiч-Ёдка, вынайшаў лiзiметр — прыбор для вызначэння вiльготнасцi глебы на глыбiнi да трох метраў. Гёта ён з году ў год бясплатна забяспечваў жыхароў роднай Магiльнянскай воласцi прышчэпкамi ад туберкулёзу i дыфтэрыi. Гёта ён стварыў унiкальную сiстэму так званых градаадводаў ва ўласным маёнтку, у вынiку чаго са 165, у сярэднiм, навальнiц, што за год пракатвалiся па наваколлi, наднёманскiя палеткi цярпелi толькi ад пяцi-шасцi, а выпадкаў граду ўвогуле не назiралася. Гёта ён ахапiў амаль 200 гектараў сельскагаспадарчых угоддзяў электракультурай, якая дазволiла плённа выкарыстаць атмасферную электрычнасць ды скарацiць вегетацыйны перыяд асноўных культур на тры-чатыры тыднi, павялiчыўшы пры гэтым памер пладоў часам у некалькi разоў. Гэта ён яшчэ ў 1890-м годзе правёў правёў доследы па фiксацыi навальнiчных разрадаў на адлегласцi каля ста кiламетраў, якiя ў 1895-м прынеслi А.С.Папову славу вынаходнiка радыё. Гэта яго лекцыi па электраграфii i магнетызму з захапленнем слухалi ў Празе, Вене, Парыжы. Гэта яго, з лёгкай рукi парыжскiх газет, уся Еўропа называла «электрычным чалавекам»…

У 1905 годзе Якуб Наркевiч-Ёдка зноў выправiўся ў навуковую паездку за мяжу. На гэты раз апошнюю. 6 лютага ён, цяжка хворы, памiрае на руках у жонкi, якая паспела прыехаць у Вену з далёкай Бацькаўшчыны. Нябожчык быў перавезены ў Наднёман, дзе яго пахавалi на стрых радавых могiлках. Радзiма не заўважыла смерцi, напэўна, аднаго з лепшых сваiх сыноў. Толькi адна мiнская газета змясцiла невялiчкi некралог. Не ўзгадалi нашчадкi яго славутае iмя i тады, калi руйнавалi, блiжэй да сярэдзiны нашага стагоддзя фамiльнае «панскае» пахаванне. Страшныя «раскопкi» на ўскрайку леса непедалёк ад рэштак наднёманскага палаца, як нi жахлiва, праводзяцца i сёння.

Што шукаюць пазбаўленыя гiстарычнай памяцi рабаўнiкi? Счарнелы срэбны гузiк цi з`едзены iржою стары гадзiннiк? Я не ведаю. Але добра ведаю, што нiхто з нас не знойдзе сёння ў беларускай сталiцы нават завулка, названага ў гонар «электрычнага чалавека» Якуба Наркевiча-Ёдкi з Наднёмана.

Андрэй Захаранка
Наднёман — Мінск