Наваспаск

Наш самаход мэлянхалiчна пранiзваў ёдкае празрыстае паветра, звыкла сьпяшаючыся ладнаю вузкай шашою, гэтым разам са Смаргонi ў Крэва. Бялявая прыдарожная шыльда з назовам вёскi мiльганула праваруч ды, напэўна, забылася б праз колькi хвiляў, але… Самаход збочыў i спынiўся. Сьцiх рухавiк, мы выйшлi на мяккi зьнiчкаваты сьнег. Далёка ля кругавiду грувасьцiлiся цяжкiя шэрыя хмары, халоднае сонейка раз-пораз хавалася жаўкляваю смугой. Ад першага кроку сэрца ахiнулася дзiвосным непаразумелым пачуваньнем, маўклiвай таямнiчай атмасфэрай незнаёмага селiшча.

Сьцiплыя хацiны ды хлявушкi цягнулiся шчыльным падвойным ланцугом, зацiснутыя прамiж пляскатым насыпам шашы ды стромкiм схiлам грывастага ўзгорка. Але вочы мiжволi паднiмалiся вышэй. Над шэрымi дахамi буданоў ды жоўтымi палянiцамi дроваў, над шурпатымi латкамi ральлi ды пахiленымi размаiстымi платамi, нiбы падвешаныя ў паветры, навiсалi зьнявечаныя часам, густа чырвоныя муры колiшняе бажнiцы. Гады не захавалi анi звонку, анi знутры хаця якое архiтэктурнае драбязы. Няроўныя, нiбы выскубаныя, сьцены зьмярцьвела й тужлiва паглядалi наўпрост у неба. На нейкi момант iхнi шчарбаты прастакутнiк падаўся агромнiстым спарухнелым шкiлетам невядомае дагiстарычнае жывёлiны. Вiрлiвая плынь часу зьнiшчыла даўнейшую сакавiтую вычварнасьць, засталася адно маўклiвая нерухомая велiч магутнага сiвога барока…

Наваспаск ляжаў быццам у нейкiм мiстычным здранцьвеньнi. Iм дыхалi пустыя, бы вымерлыя двары, яно чулася ў шаргатаньнi халоднага празрыстага ветру, яго прамаўлялi пабляклыя рушнiкi на драўляным васьмiканцовым крыжы пасярод каменнай скрынi падмурка колiшняе царквы, што прытулiлася ўсяго кроках у трыццацi ад стараветнага барочнага касьцёла. Чырвоныя касьцельныя муры над шэрым пляцам царкоўнага фундамэнту ўяўлялiся сiвым шчарбатым дзедам, што схiлiўся над самотнаю магiлай маладзейшае жонкi…

Адзiным чалавекам, якога мы ўсё ж стрэлi, была клапатлiвая паджылая цётка, што раптоўна ўзьнiкла няма ведама адкуль. Яна сказала, што касьцёл дужа стары ды разбураны яшчэ за царом, напэўна, у першую ўсясьветную. За саветамi людзi самi разьбiралi яго на цэглу, а зараз робяць у ягоных ацалелых пакойчыках загарадкi для цялятаў. Сказала й зьбегла…

Два тлустыя белыя гусi падазрона высунулi з хлеўчыка свае дзюбатыя галовы ды зноў зьнiклi ў цемры. Чорны, як смоль, сабака, што спаў на высокiм стозе сьвежага сена, узьняў галаву ды бязгучна забрахаў.У гонкай цiшынi было толькi вiдаць, як мерна адкрываецца ягоная пашча. На сьнежным схiле ля самага падножжа мураванае бажнiцы крывавымi кроплямi гарэлi памерзлыя ягады шыпчыны… Наваспаск.

Андрэй Захаранка
Наваспаск — Мінск