Сустрэча

Аднойчы гарачаю паўднёваю раніцай чалавек, у постаці якога зь лёгкасьцю чыталася вайсковая выпраўка, а імя было дон Медзіяна спыніўся у прыдарожнай усходняй карчме, што прытулілася наводдаль ад буйных гарадоў на самым ускрайку сарацынскіх уладаньняў, каб крыху спаталіць дарожную смагу й голад. Часіна была раньняя, і зусім мала людзей сядзела за легкімі плеценымі сталамі ў невялічкай карчомнай залі. Усе з прысутных былі арабамі, і толькі адзін чалавек, хаця і прыбраны ва ўсходні строй, аднак відавочна эўрапейскага паходжаньня сьціпла займаў маленькі столік у самым кутку. Дон Медзіяна замовіў ежу і з задавальненьнем усеўся за шырокі стол каля расчыненага ў паўночны бок, а значыцца, яшчэ не кранутага сонцам вакна. Вайна ўжо мінула, і хаця мясцовыя сарацыны і не забыліся на былыя крыўды, аднак гандаль аказаўся выгаднейшым за варожасьць, і цяпер яны даволі спакойна цярпелі побач з сабой былых ворагаў-хрысьціянаў, што пралілі столькі гарачай усходняй крыві на не меней гарачы ўсходні пясок.

Дон Медзіяна пасьпеў толькі на некалькі хвіляў прыдрамаць, апусьціўшы на вочы свой шырокі, плецены с папіруса брыль, як жвавы цёмнаскуры хлапец-служка прынёс ягоную замову. Дон Медзіяна ня дужа шанаваў усходнія стравы, аднак пасьля некалькіх дзён цяжкое дарогі сьвежанькае “гузі” падалося яму проста боскаю ежай. Аднак спакойна паесьці сёньня яму не было наканавана.

Самым ускрайкам зроку дон Медзіяна адчуў, што да яго аднекуль з-за сьпіны, з глыбіні залі вельмі павольна набліжаўся чалавек. Падарожнік не падаў выгляду, аднак напружыў цела, гатовы хутка ўзьняцца на ногі і адскочыць у бок у выпадку патрэбы. Аднак нападу не адбылося. Постаць вынырнула з-за сьпіны і прамовіла на чысьцюткай гішпанскай мове: “Вітаю Вас, яснавяльможны пан, дон Медзіяна!”

Дон Медзіяна зьдзіўлена падняў вочы, пільна ўгледзеўся ў прыхаваны наміткай твар і раптам крыху разгублена ўсьміхнуўся.

— Дон Эскапа? Вы? Жывы? Божа мой! Мы ж лічылі вас забітым усе гэтыя гады!

Было добра бачна, як твар дона Эскапа хутка зьмяняў свой выгляд – сарамлівасьць зьмянялася радасьцю, радасьць болем, боль – палёгкаю.

— Мне вельмі прыемна, што Вы не забыліся на мяне, дон Медзіяна. Дазволіце сесьці побач? – сьцішана прамовіў дон Эскапа.

— Ну, канешне ж, канешне ж, шаноўны дон Эскапа! Сядайце і расказвайце хутчэй аб сваіх прыгодах! Божа мой, як узрадуюцца ўсе, як узрадуецца Ваш бедны бацька! Уяўляеце сабе – ён дагэтуль не верыць, што Вы загінулі. Шчыра кажучы, мы шкадавалі яго, думаючы, што ад гора ён крыху страціў розум, але аказваецца – ён быў правы ўсе гэтыя гады! Вось што значыць бацькоўская любоў!

Дон Эскапа прысеў на лёгкі трохногі плеценік. На ягоным твары дагэтуль грала дзіўная сумесь перажываньняў. Ён моўчкі глядзеў у стол, пакуль дон Медзіяна па-сяброўску нясьціпла разглядаў ягоную каляровую ўсходнюю вопратку і бранзаваты колер скуры.

— Ну, што ж Вы маўчыце, васпане?! – прамовіў, не вытрываўшы, дон Медзіяна. – Апошняе, што я памятаў аб Вас – гэта тая жудасная бітва пад клятым Эль-Вадара! Колькі нашых палегла на ягоных чорных прыступках, дагэтуль балюча думаць.
Дон Медзіяна змоўк, невідушчымі вачыма гледзячы кудысьці скрозь шэрыя сьцены. Дон Эскапа па-ранейшаму сядзеў, крыху ўцягнуўшы галаву ў плечы. За вокнамі раздавалася шумная мясцовая гаворка – напэўна, пагоншчыкі жылістых мясцовых мулаў не падзялілі вузкую сьцежку, што адыходзіла ад галоўнай дарогі ўбок, да чорных скал над ушчылінай. Але ж вось дон Медзіяна патрусіў галавою і зноў загаварыў.

— Амаль увесь мой аддзел, аддзел герцага Дэль Монта быў зьнішчаны. Памятаю, як загінулі – зусім побач са мной – пан Бедрыяда і пан Дэль Ва Марыда. Эх, высакародныя былі людзі! І вось тады я апошні раз бачыў Вас. Вы былі на левым флангу с гэтымі трусаватымі наймітамі герцага. У вас заставалася не болей за 50 чалавек. Але ж, Божа мой! Як Вы біліся! Як умела і бясстрашна Вы кіравалі сваімі людзьмі. Даю Вам слова, што калі б мы самі ў той момант не адбіваліся ад трох соцень шэрых сарацынаў, я б спыніўся, каб палюбавацца Вамі ў баі! А потым да іх прыйшлі сьвежыя сілы. Яны адрэзалі ўвесь Ваш фланг. Здавалася, што загінулі ўсе. Хаця мы й ня здолелі тады вярнуцца і пашукаць выжылых…

Цішыня павісла ў гарачым ранішнім паветры. Кожны з былых крыжакаў пагрузіўся ў свае змрочныя ўспаміны. Колькі хвілінаў толькі стрыманая арабская гаворка с дальняга вугла карчмы перакрывала гоман стракатых мясцовых курэй у двары. Хлопец-служка бязгучна падыйшоў да стала і запытаў на крыху ламанай гішпанскай мове, ці не жадаюць яснавяльможныя паны чагосьці яшчэ…

— А прынясі-ка ты нам, хлопча, па келіху добрага піва! – выгукнуў раптам дон Медзіяна. – Няхай сабе і раніца на дварэ, аднак ня гэтак часта сустракаеш жывым сябра, якога лічыў загінулым пяць гадоў запар!

Хлопец крыху пакрывіўся, аднак даволі ахвотна рушыў у бок кухні – хаця самі арабы й не спажывалі алькаголю, аднак заўсёды трымалі адну-другую бочку неблагога мясцовага піва для шматлікіх гандляроў-эўрапейцаў. Аднак не пасьпеў чорнаскуры афіцыянт зрабіць і пары крокаў, як дон Эскапа раптоўна схапіў яго за рукаў.

— Не, не трэба піва! – і дадаў ужо цішэйшым голасам, — Па меньшай меры, дзеля мяне…

Дон Медзіяна зьдзіўлена ўзьняў вочы, паглядзеў на былога вайсковага сябра, потым на служку і сказаў:

— Ня трэба піва, паночак. Калі яснавяльможны пан Эскапа ня хоча – я ня буду настойваць.

Афіцыянт адыйшоў, а дон Медзіяна, крыху памаўчаўшы, ізноў перарваў цішыню.

— Напэўна пасьля ўсіх гэтых бедаў Вы далі абет, мой стары сябар. І правільна. Я і сам цяпер зьмяніў звычкі. Паверыце? Хаця я і служу ў гандлёвай кампаніі саветнікам па ахове і бясьпецы, шмат падарожнічаю, аднак алькаголю амаль што і не спажываю. Хіба што зь вельмі вялікай нагоды. Сёньня мне падалося, што нагода адпаведная. Але ж прабачце!

Дон Медзіяна паглядзеў на сваю схаладзелую ежу, перавёў погляд на дона Эскапа – у вачах узьнікла ці то шкадаваньне, ці то расчараваньне – і ўзяў у руку цяжкі мэльхіёравы відэлец, упрыгожаны арабскаю вязьзю.

— З Вашага дазволу, васпане. Я тры дні амаль што нічога ня еў, стаміўся — жах. – і дадаў, апусьціўшы вочы ў талерку, — Ды неяк і гаворка ў нас з Вамі не вядзецца…

— Ешце, ешце пане Медзіяна! Ды і не зьвяртайце на мяне ўвагі. – прамовіў колішні крыжак ва ўсходнім строі. – Ах, было б на што зьвяртаць…

Дон Медзіяна запытальна падняў погляд на субяседніка.

— Так, шаноўны пане. Чым сталася маё жыцьцё? Яно страціла сэнс у гэтай краіне!

Голас дона Эскапа раптам стаўся мацнейшы, крыху нават падобны на голас даўнейшага крыжацкага камандзіра.

— Я жыву. Мяне амаль што прыймаюць за свайго. Але ж – амаль што! Я выконваю іхныя правілы, і за гэта мяне сапраўды паважаюць. Але гэта не мае правілы. Я ўвесь час пакутую тут, як у вязьніцы. Я маю свабоду, але ня маю яе! Я жыву, як я сам хачу, але ж я не хачу так жыць! Я так стаміўся…

Дон Эскапа гаварыў, нават ня гледзячы на субяседніка, а той тым часам кінуў есьці і глядзеў на былога баявога таварыша са зьдзіўленьнем і відавочным намаганьнем зразумець і адчуць.

— Калі я ўбачыў Вас, — працягваў дон Эскапа, не заўважаючы нічога, — я ня ведаў, што рабіць. Мне адначасова хацелася кінуцца да Вас у абдымкі і хутчэй уцекці, каб не рваць і без таго парваную душу. Вам гэтага не зразумець, пан Медзіяна! Яны зусім іншыя. Яны ня гэтак жывуць. Ніхто нават не здольны зразумець мяне. Часам мне нават хочацца, каб тады, дваццаць пяць гадоў таму я нарадзіўся арабам… Я разумею, што гэта бязглузьдзіца. Я не хацеў бы быць такім жорсткім, як яны, здольным забіць альбо пакалечыць нават кагосьці са сваіх родных за дробную правіну супраць іхняга закону. Але наколькі лягчэй бы мне жылось! А так… Я часта думаю, ці жыцьцё гэта ўвогуле, ці не лепей мне было загінуць тады пад Эль-Вадара?

Дон Эскапа падняў вочы, нібы толькі што заўважыў свайго субяседніка. Той сядзеў, сьціснуўшы вусны і пільна гледзячы ў твар сябра.

— Як Вы выжылі, дон Эскапа? – памаўчаўшы хвіліну, спытаў дон Медзіяна.

— Што? А! Як выжыў? Ну… Мяне тады паранілі моцна. Я праляжаў непрытомны, ня ведаю нават, колькі. А потым мяне знайшлі людзі. Мясцовыя. Арабы. Але добрыя яны. Ну, дабрэйшыя за іншых. Лепшыя нават. І пашкадавалі, забралі ў свой дом, вылечылі. Цудоўныя людзі. Дарэчы, я і дагэтуль жыву пры іх… Ведаеце, часам яны вельмі вясёлыя, прыемныя. Хаця часам і не. Зусім. Я ім вельмі ўдзячны. За ўсё.

— А мусульманства Вы прынялі з-за іх? – раптоўна і неяк жорстка запытаўся дон Медзіяна.

— Мусульманства? Я… — дон Эскапа спуджана падняў вочы, разгублена павёў плячыма, апусьціў галаву. – Як Вы здагадаліся? Я ж… Мне… Ах, мабыць, тое піва… Так, з-за іх. Цяпер Вы не захочаце са мной нават размаўляць, пане Медзіяна? Ну што ж… Я ўжо звыкся быць адзін…

Раптоўна дон Медзіяна зарагатаў. Зусім нечакана і гучна. Ажно арабы з-за дальняга стала паўздымалі свае чорныя галовы.

— Ды што з Вамі зрабілася, васпане? – запытаўся новасьпечаны саветнік па бясьпецы. – Вы занадта зьмяніліся. Я разумею, столькі гадоў пражыць сярод былых ворагаў, дзе усё, абсалютна ўсё чужое. Аднак як можна забыцца, што такое сябры? А? Скажыце мне? Ну, зь якое такое халеры мне цурацца Вас з-за таго, што жыцьцё прыпёрла Вас да сьцяны і прымусіла прыняць іхнюю веру. Ды Вы і хрысьціянінам заўсёды былі толькі трошкі. Ну, цяпер мусульманінам пабылі за кампанію. І што з таго? А? Чаму мне адварочвацца ад Вас? Карацей, прапаную Вам, яснавяльможны пан кінуць дурное і пачаць глядзець на жыцьцё весялей. Бачыце, якая смаката?

Дон Медзіяна паказальна падчапіў відэльцам халоднае “гузі” з талеркі, але ў наступнае імгненьне ледзь не ўпусьціў яго на падлогу – гэта дон Эскапа ўдзячна ўчапіўся яму ў руку.

— Дзякуй Вам, дзякуй Вам, дон Медзіяна! Вы падтрымалі мяне. Я і забыўся, як гэта бывае. Тут усё ня гэтак. Ня гэтак, як мы звыкліся…

— Ну, і якое халеры Вы тут чакаеце? – запытаў субяседнік, жуючы заморскую страву. – Вайна скончылася, дома Вас чакаюць – і бацька, і сябры, і нават Ваш стары сабака!

— Мілордас? Ён жывы?

— Яшчэ як жывы! І чакае свайго гаспадара. Паслухайце, пане Эскапа! Праз пару тыдняў я буду вяртацца гэтаю ж дарогаю. А там – на карабель і наўпрост у Мадрыд. Зьбірайце свае набыткі, і паехалі разам! Я змагу нават падвезьці Вас да самага Віёрда, а там да нашага Лоры – паўдня пешкі! Што скажаце, мой стары баявы сябар?

Дон Эскапа напружыўся, на ягоным твары зайгралі вужлакі. Уся пастава пахілілася да зямлі, лоб пайшоў маршчынамі. Былы крыжак цяжка марудна выдыхнуў, паківаў галавой, нібыта камусьці адмаўляючы і з болем, натужна загаварыў.

— Добры Вы мой дон Медзіяна, я не магу. Я. Не. Магу. Ну, як жа Вам патлумачыць?

— А Вы патлумачце, бо я нічога, абсалютна нічога не разумею. Вы ж казалі, што Вам тут цяжка?

— Так.

— Вы ж казалі, што тут няма нікога, хто Вас разумее і падтрымлівае?

— Няма.

— І Вас тут нічога не трымае?

— Нічога…

— Дак у чым жа справа?! Скажыце Вы мне! Там у Вас ёсьць бацька, які пакутуе адзін ужо пяць гадоў. Там у Вас ёсьць сябры. Там у Вас ёсьць сабака, нарэшце! Вы заўсёды любілі свой край, нашыя лясы, нашыя горы, нашыя ручаі. А тут у Вас адна пустыня і дзьве пальмы на пяць акраў! Мне пачынае здавацца, што ад тутэйшага сонца ў Вас нешта зрабілася з галавой, доне Эскапа, на самой справе. Я не стану Вас угаворваць, гэта Вашая справа, але ж… — дон Медзяіна паціснуў плячыма.

Ягоны субяседнік сядзеў, гледзячы ў пустату з пакутлівай мінай на твары. Здавалася, што ўнутраныя пакуты зараз разарвуць яго на часткі.

— Я не магу, пане Медзіяна. Я не магу іх кінуць. Яны столькі зрабілі для мяне, – прамовіў ён праз колькі хвілінаў.

— А бацька, што вырасьціў Вас ад пялёнак? Хіба ён зрабіў дзеля Вас меней? Ды й якая розьніца, хто, колькі, каму і чаго зрабіў? Тут Вам блага, там Ваш дом. Тут Вы адзін, там Вашыя родныя людзі. Тут Вам усё чужое, там кожны куток знаёмы зь дзяцінства. Ці не дастаткова гэтага? Скажыце дзякуй таму, хто рабіў Вам дабро, але ж не рабіцесь рабом іхняй дабрыні. Жывіце сваім жыцьцём, і той, хто Вас на самой справае любіць, зразумее і ухваліць Вас. Калі ж не – то ягоныя пачуцьці не такія прыгожыя, як ён кажа аб гэтым услых. Я не стану больш цягнуць Вас за сабой, аднак калі Вы сказалі мне праўду аб тым, як Вы тут жывяце, але вырашыце застацца, то я зьдзіўлюся. Вельмі моцна зьдзіўлюся.

Дон Медзіяна ўзьняўся з-за стала, знакам падазваў служку, паклаў яму на далоню срэбную мясцовую манету і звыклым рухам паправіў дарожны рэмень.

— Праз два тыдні, шаноўны дон Эскапа, роўна праз два тыдні я буду ехаць назад праз гэтую самую карчму. Калі Вы захочаце скласьці мне кампанію на шляху дадому – буду шчыра і моцна рады. Калі ж не – я не стану нікому расказваць аб нашай сустрэчы. Напэўна, няхай усе лепей думаюць, што Вы загінулі героем пад Эль-Вадара.

Дон Медзіяна прыгожа, па-сьвецку пакланіўся, надзеў свой папірусавы брыль і рушыў да выхада. Каля самых дзьвярэй ён прыпыніўся, на імгненьне замёр і сказаў, не паварочваючы галавы:

— Удачы Вам, дон Эскапа.

Андрэй Захаранка
Студзень 2012
Малая Дайноўка