У краіне бамбука і снежных лавін або Горны Непал вачыма беларуса

Патрапіць у Непал яшчэ зусім нядаўна было амаль што немагчыма. Пабудаваная на сярэдневечных прынцыпах манархія трымала краіну “на замку”. І заставалася толькі марыць аб “абіцелі холаду” — так перакладаецца з санскрыту слова “Гімалаі”. І мы – падарожнікі і альпіністы, аматары ўсходняй мудрасці і таямнічай йогі – марылі. Але мары маюць адну прыемную асаблівасць – яны часам збываюцца. І вось сыйшлі ў нябыт непальскія каралі, краіна ля падножжа самых высокіх гор планеты расчыніла свае дзверы, постук цягніковых колаў па беларускіх рэйках застаўся за спіною, а суседская ўкраінская зямля — пад крыламі новенькага “Аэробуса”. А наперадзе, амаль за шасцю тысячамі кіламетраў пярэстых мазаік Бліжняга Ўсходу і Сярэдняй Азіі, чакае яна – таямнічая і недасяжная краіна самых высокіх горных вяршынь і старадаўніх манастыроў пад назваю Непал.

Паходжанне назвы гэтай краіны тлумачаць па-рознаму. Ці то ад санскрыцкага “ни–п–алайа”, што значыць, “той, што стаіць ля падножжа”, ці то ад тыбецкага “небал”, што перакладаюць, як “дом воўны” – спрадвек, яшчэ з часоў напісання Ведаў краіна славілася сваімі надзвычай цёплымі і лёгкімі коўдрамі з воўны.

У адрозненне ад большасці краін свету Непал трымаецца вельмі незвычайнага календара пад назвай “Бікрам Самбат”. Гэты лунны каляндар мае дванаццаць месяцаў працягласцю ад 29 да 32 дзён. Год пачынаецца ў сярэдзіне нашага красавіка. Заснаваў сістэму лічэння часу колішні індыйскі імператар Бікрамадзіцья. Пунтам адліку быў абраны год ягонай перамогі ў бітве з войскам “сакаў”, аднаго са скіфскіх плямёнаў, якая адбылася каля 56 году да нашай эры. У выніку сучасны непальскі каляндар апярэджвае звыклы нам грыгарыянскі на 56 гадоў 8 месяцаў і 15 дзён. Такім чынам зараз у Непале 2068 год!

Сцяг Непала – адзіны ў свеце, што мае форму не прамавугольніка, а складанай, падобнай на ёлку фігуры з двух трохкутнікаў, што нясуць сімвалы Месяца і Сонца. Спачатку яны належалі дзьвюм галінам каралеўскага роду Рана, што кіраваў краінай ажно з 19 стагоддзя. У сучасным прачытанні сцяг сімвалізуе веру непальцаў у тое, што іх краіна будзе існаваць столькі ж, колькі і пазначаныя на палотнішчах нябесныя свяцілы.

Непал – даволі вялікі, не на шмат саступае па тэрыторыі Беларусі, а старую добрую Чэхію пераўзыходзіць амаль што ў два разы. Аднак гэта не адчуваецца. Нідзе. Наадварот, з-за таго, што вока ўвесь час “чапляецца” за блізкія горы, ствараецца ўражаньне зусім лялечнага “казачнага каралеўства”. Як жа жыве гэтая прыціснутая да Гімалайскага грэбня таямнічая краіна?

Каб адказаць на гэтае пытанне, трэба спачатку вырашыць, што ж такое краіна. Горы, рэкі, лясы? Не зусім. Палі, масты, платы і дахі? Ведама, што не толькі! Краіна – гэта людзі. Менавіта працавітыя, ветлівыя і жарсткаватыя японцы ствараюць “краіну ўзыходзячага сонца”, а правільныя, размераныя і эгаістычныя немцы – бюргерскую Германію. Якімі бачыць жыхароў былога гімалайскага каралеўства беларускае вока? Вельмі рознымі.

Непальцаў практычна ў два з паловаю разы больш, чым беларусаў. Земляў жа, прыдатных для сельскай гаспадаркі, зусім няшмат. Каб выжыць у складаных перадгорных і горных умовах, на працягу многіх стагоддзяў людзі гэтай краіны з дапамогаю марудных мясцовых валоў, рыдлёўкі ды матыгі ператваралі стромкія схілы навакольных гор ва ўрадлівыя палі, што прыступкамі збягаюць уніз.

Дзяржаўная мова – “непалі´” – выйшла са старадаўняга санскрыта і адносна нямнога адрозніваецца ад індыйскай хіндзі. Як жартуюць непальцы, яны з лёгкасцю разумеюць гасцей з Індыі, тым часам, як для тых мясцовая мова застаецца замежнай. Зусім беларуская сітуацыя! На непалі ў якасці роднай мовы гаворыць каля паловы насельніцтва. Аднак гэта зусім не значыць, што краіна мае хоць якую этнічную аднароднасць. Непал – адна з найбольш складаных па этнічным складзе краін свету! Заўважыць гэта можа кожны хаця трошкі назіральны госць – зрокава адрозніць карэннага непальца практычна немагчыма. Так сталася, што рысы розных народаў – продкаў непальцаў, не змяшалісь, стварыўшы нешта асаблівае, а праяўляюцца ў непрадказальнай прапорцыі, праяўляючы еўрапейскаму позірку то “класічнага кітайца”, то “чыстага японца”, то “яўнага індуса”. Сённяшні Непал – стракатая сумесь амаль цэлай сотні розных народнасцяў, якія гавораць на сямідзесяці мовах і іх дыялектах.

Паводле класіфікацыі ААН, Непал адносіцца да “найменш развітых краін свету”. Аднак апошнія гады прынеслі заўважныя змены. Жыхары сярэдніх гарадоў зарабляюць каля дваццаці тысяч непальскіх рупій на месяц, што складае ў эквіваленце каля 300 амерыканскіх долараў. Дзеці нават у невялічкіх горных паселішчах паўсюдна наведваюць школы, сістэма ж адукацыі за межамі базавай школы арганізавана па міжнародных стандартах. Фактычна ўсё насельніцтва, маладзейшае за 30 гадоў, гаворыць на неблагой англійскай мове.

Краіна не мае ні горназдабываючай, ні нейкай іншай больш-менш значнай прамысловасці. Больш за палову прыбыткаў у дзяржаўны бюджэт і спажывецкі кошык прыносіць турызм, які зрабіўся адной з найбольш развітых галін гаспадаркі. Сотні тысяч аматараў падарожжаў з усяго свету імнуцца ў гэты ціхі і прыгожы край.

Гэтых людзей не называюць турыстамі. Гэтых людзей не называюць падарожнікамі. Завуцца яны англійскім словам “трэкер”, што азначае чалавека, які ходзіць на вялікія адлегласці. А сама з’ява пешых вандровак у Гімалаі завецца, адпаведна, “трэкінгам”. Гэта не старыя добрыя турысцкія вандроўкі, гэта не альпінісцкія вылазкі ў горы. Трэкеры – людзі больш цывілізаваныя, звыклыя да камфорту, наколькі яго магчыма арганізаваць на вышынях у некалькі кіламетраў. І менавіта арыентацыя на гэта зрабіла трэкінг настолькі масавым і запатрабаваным ва ўсім свеце.

Сетка “трэкаў” ахутвае ўсе непальскія Гімалаі з вышыні ў некалькі соцень метраў ажно да пяці з паловаю тысяч. Трэк – гэта маршрут, які складаецца з горнай сцяжынкі, што бяжыць па далінах, схілах і перавалах ад вёскі да вёскі. Кожная ж вёска сустракае стомленых іншаземцаў своеасаблівай інфраструктурай са шматлікіх невялічкіх гасцініц, што называюць “лоджамі”. Пакойчыкі ў лоджах больш чым простыя, просціна на дашчатым ложку з тонкім матрасам, з раскошы – толькі столік і то далёка не заўсёды. Коўдры прапануюць толькі на вышыні больш за чатыры кіламетры, дзе аднаго спальнага мяшка ўжо робіцца недастаткова. У дарагіх нумарах – свой туалет, але часцей – адзін на цэлы паверх. Паверхаў жа – з-за праблемы з роўнымі пляцоўкамі для будоўлі – некалькі, звычайна два-тры. Побач з туалетам – душ з вадой, што награецца ад сонца у вялікіх чорных баках на даху. Чаканы вынік – цёплая вада бывае толькі ў прамежку паміж адной і трыма гадзінамі ўдзень пры ўмове адсутнасці аблокаў. Кожны лодж мае сваю кухню, што прапануе гасцям амаль што стандартнае меню с некалькіх дзясяткаў страваў — непальскіх, кітайскіх, карэйскіх.

Нягледзячы на пэўную прымітыўнасць сэрвісу, ён цалкам задавальняе запыты нават самых патрабавальных амерынканцаў ці немцаў. Пра існаванне такіх рэчаў, як палаткі, кацялкі, турысцкія дыванкі сярэднестатыстычны трэкер, напэўна, ведае, аднак чыста тэарэтычна. Усё змесціва невялічкіх трэкінгавых заплечнікаў складаецца з асабістай вопраткі, фотаабсталявання, бутэлькі для вады і кашалька з грашыма. Патрэба ў “кемпінегавым рыштунку”, што дазваляе жыць і харчавацца па-за межамі трэкінгавай сцежкі, узнікае толькі ў альпіністаў, што ўздымаюцца вышэй зоны аседлага пражывання непальскіх горцаў , альбо ў рэдкіх беларускіх вандроўцаў, што пракладаюць свой шлях праз горы па-за набітымі сцяжынкамі…

Непальская прырода – дзіўная. На далінах і ў перадгор’ях ты са здзіўленнем назіраеш разлапістыя бананы з маленькімі кіславатымі пладамі і агромністы, падобны на спартыўныя шасты бамбук, з якога мясцовыя будаўнікі робяць рыштаванні ды падпоры падчас заліўкі бетону. Бліжэй да лета спёка робіцца проста немагчымай. Моцныя дажджы заліваюць зямлю некалькі месяцаў запар. Адно слова – тропікі! Але ж варта толькі крыху рушыць угору, і сітацыя змяняецца проста на вачах. Нібыта з вакна хуткаснага цягніка, што бяжыць на поўнач, ты бачыш не тое што штодзённыя, а проста няспынныя змены. Вось незаўважна шырокае скурастае лісце невядомых паўднёвых дрэў змяняюць агромністыя іглы такіх падобных на нашыя хвояў. Вось хвоі драбнеюць і радзеюць, саступаючы месца цыбатаму ядлоўцу і ягоным горным сваякам. Вось і каменная бяроза раз-пораз бліскае жаўклявай карой сярод шэра-зялёных схілаў. Вось ядлоўцы усё больш робяцца падобнымі на зялёныя аладкі, распластаныя па зямлі пасярод шэрай каменнай друцы… Яшчэ некалькі соцень метраў угору – і няўлоўная мяжа ірваных высокагорных лугоў і горнай пустыні застаецца за спіной. Царства вечнага снегу, нарэшце, пакрысе прыймае падарожніка ў свае абдымкі.

Белае высокагор’е ўздзейнічае на гасцей з нізін асабліва – зачароўвае, суцішае, падштурхоўвае да медытацыі і роздуму. Нават шумныя амерыканцы тут сціхаюць і нібыта задумваюцца. Хаця б ненадоўга. Тут у паветры мала кіслароду, і таму кожны рух даводзіцца пралічваць і ашчаджаць. Тут фізічная сіла траціцца ў разы хутчэй. Тут, дзе нябесны блакіт ужо схіляецца да фіялету недалёкага космаса, пачынаецца іншы свет. Каб яго адчуць – і едуць аматары гор з усяго свету ў далёкі Непал.

Запытайце кожнага, хто хоць раз наведаў гэтую краіну і пабачыў не толькі цесныя сталічныя вуліцы, але ж і яе сапраўдную “глыбінку”, што самае незвычайнае тут, і вы пачуеце адзін адказ – непальцы. Гэтыя людзі сапраўды ўражваюць. Магчыма, так было заўсёды. Магчыма, нядаўняя грамадзянская вайна праз боль і пакуты зрабіла людзей лепшымі. Аднак самае трапнае слова, каб апісаць саму сутнасць непальцаў – яны мірныя. Мірныя абсалютна ва ўсім. Ці то на шумнай вуліцы нехта не саступіў дарогу, ці то паліцэйскі робіць заўвагу хлапчукам, што ўзгрувасціліся на дах каляровага прыгараднага аўтобуса. Вы ніколі не пачуеце лаянкі альбо грубага слова. Вам паўсюль будуць рады. Вам паўсюдна паспрабуюць дапамагчы. Так і хочацца сказаць: “Непал – краіна сапраўднай цішыні”. І гэта — праўда.

Андрэй Захаранка
Малая Дайноўка
2012