Унiз па Бусьлiнай Рацэ альбо Падарожныя занатоўкі

Гэтак здараецца заўсёды. Спачатку ўсё тваё нутро ўпарта ня хоча ўспрыймаць новую рэальнасьць. Маланкавая хуткасьць, зь якою запыленыя краявiды праносяцца за бруднымi вокнамi чыгуначнага вагона, нязвыкла мулiць вока. Блiскучыя каляровыя самаходы за кароткiмi палошчатымi бэлькамi шлягбаўмаў на пераездах паглядаюць дзiвоснымi мiжплянэтнымi балiдамi, а знэрваваныя людзi ў нязручных гарадзкiх строях, паселыя на суседнiх лавах, — нiбы вiзыторамi з паралельнага Сусьвету. Ты сядзiш, перабiраючы струны нечутное ў грукаце мэталёвых колаў гiтары, i сумна паглядаеш на сваiх няголеных спадарожнiкаў, што згрувасьцiўшыся пасярод гары мурзатых старых заплечнiкаў, спрабуюць адолець няма ведама адкуль паўсталую навалу скрухi сьвежымi ўспамiнамi толькi што мiнулае вандроўкi.

А потым усiх засмоктвае горад. Мiтусьлiвы вiр бясконцых праблемаў, лiчы, цалком вынiшчае з памяцi непаўторны шэраг прыгожых дробязяў, што й робяць кожнае падарожжа адметным. Але, на шчасьце, штосьцi застаецца. Мiнаве час i ў нейкае ймгненьне разумееш, што з тае даўнейшае прыгоды некранутым захавалася адно — адчуваньне. Вось тады, сам прыемна зьдзiўлены нечаканым адкрыцьцём, ты шматзначна глядзiш у плямiстую сусьветную мапу проста над галавою свайго субяседнiка й кажаш:»А вось аднойчы я хадзiў па …»

Дык вось. Аднойчы мы хадзiлi па Бусьлiнай Рацэ. За адзiны тыдзень хвалiсты вадзяны гасьцiнец давёў нашую шурпатую мужчынскую кампанiю а шасьцi галавох ад Стоўбцаў ажно да самага Сяльца, што непадалёк ад Бярозаўкi. Дзень у дзень даўгiя зялёныя байдарачныя стрэлкi чэрылi цёплую блiскучую паверхню, то зарываючыся вострымi насамi ў высокiя нерухомыя хвалi па жоўтых водмелях, то сядаючы падцягнутымi жыватамi на схаваныя вадою палi даўнейшых масткоў. Дзень у дзень проста не ставла моцы ўвабраць ды запомнiць усю навакольную пякноту.

Здаўна гэтая дарога называлася Нёманам, што са старажытнага лiцьвiнскага значыць свойскi або дамашнi. Крыху раней — Хронусам — ракою часу, як зазаначае Пталемэй у сваёй шматфунтовай «Геаграфii» на самым пачатку нашае эры. А вось як называлi Раку тыя невядомыя людзi, што паселi па яе берагох дзесяць тысяч гадоў таму, напэўна, не дазнаецца нiхто.

Стагодзьдзi са тры таму яшчэ бегалi паўз прыязныя прыстанi ў Любчы цi, скажам, Купiску, хуткiя вiцiны пад белымi ветразямi, што як заўжды сьпящалiся адвечным шляхам з варагаў у грэкi. Першы, самы старажытны субмэрыдыянальны гандлёвы калiдор пралягаў з Балтыкi па Заходняй Дзьвiне й Дняпры. Нёманскi шлях склаўся крыху пазьней, але адразу ўпадабаўся гандлярам сваёй цiшынёй, утульнасьцяй ды багацьцем навакольнае лясное краiны. Лўгка ўяўляецца, як паважныя купцы заклапочана совалiся па прыбярэжных наднёманскiх карчомках, вышукваючы вясёлых хлапцоў са слаўнага Бярэжна — лепшых лоцманаў на рацэ ня знойдзеш. А турбавацца было за што. Везьлi, найчасьцей, збажыну, мёд, футро. Што да апошняга — дык зусiм ня дзiва, бо аж да сямнаццатага стагодзьдзя панямонскiя лясы былi поўныя безьлiч якой дзiчынай. Тут табе й алень, i вавёрка, i лось, i мядзьведзь, i воўк. Да таго яшчэ дзiкi, сарны, зубры, туры, дзiкiя конi тарпаны, расамахi, кунiцы, бабры й нават собалi! Вось так …

Бярэжна тое мы бачылi. Адзiнаю згадкаю сiвое даўнiны — вузенькiя ценiстыя алеi з агромнiстых срэбных ясакараў над ракою. Ды яшчэ — сьветлая летуценная бажнiца бяз даху й гаспадара на старых могiлках. Крыжы, што калiсьцi сягалi ў нябёсны блакiт, дзiвосна тырчаць пад нагамi на падмурках слупоў, якiя трымалi нейснуючую зараз столь. У раскiданым алтары сьвятараць адно кволыя маладзенькiя бярозкi…

Адметная рыса Бусьлiнае Ракi — шырокiя плавучыя масты-насьцiлы. Колькi слаёў таўстых яловых дошак пакладзеныя проста на ваду. Першае гэткае збудаваньне пераняло нашую вандроўную грамаду ў Панямонi. Пакуль хлопцы перацягвалi берагам важкiя байдаркi, я аглядаў першае й апошняе за ўвесь наш панямонскi тыдзень паселiшча, што раскiнула свае двары па абодвух бакох ад ракi. Пажылы дзядзька з роварам, утаропiўшыся ў цёмную ваду, распавёў, што некалькi апошнiх стагодзьдзяў аж да сямiдзясятых гадоў цяперашняга праз Панямонь гналi лес з Налiбоцкае Пушчы; што, прапускаючы даўгiя плыты, некалькi зьвеньняў моста падцягвалi да берагоў ўверх па цячэньнi (непатрэбныя ўжо, шэрыя й сумныя казлы-калаўроты з рэштамi зьедзеных iржою трасоў сапраўды паглядалi з выскубаных скацiнаю берагоў); што даўней, каб не блукаў па рэчышчы фарватар ды захоўвалася глыбiня, будавалi з драўляных паляў ды валуноў гэтак званыя тумаваньнi. Вузлаватая дзядзькава пастава схавалася за прыбярэжнаю зелянiнай, а я задуменна глядзеў, як бруiць цёплая нёманская вада ў шчылiнах прамiж вялiзных сьлiзкiх дошак пад маiмi нагамi.

Гладкiя сьвьньнi рылiся на пяшчанай паўвыспачцы. Сонейка хавалася за разлапiстыя дубы на захадзе, залiваючы памаранчам старадаўнюю Панямонь. Густа рыкаючы, па ружовым беразе й няроўнай зьмейцы плавучага моста сунуўся дамоў статак. На агромнiстай разваленай калгаснай канюшнi клякатаў бусел. Маленечкая байдарачная эскадра ўжо зьнiкла за стромкiм выгiнам рэчышча.

Мэлiярацыя, якая, напэўна, ёсьць адным з сымбаляў бязглуздага савецкага вандалiзму, балюча кранула й Нёман — ён «правалiўся» больш, як на паўтара мэтры. Фактычна славутая водная артэрыя Вялiкага Княства перастала йснаваць. Застаўся толькi зьвiлiсты напамiн былое велiчы. Бо яшчэ пасьля вайны нават у верхнiм цячэньнi сярэдняя глыбiня стала вагалася каля трох-пяцi мэтраў. Сёньня ж такiя безданi сустрэнеш хiба што ў заваленых карчамi вiрах Графскае Пушчы. А так — лiчы, кожную сотню мэтраў вясло мякка рыецца ў чысты жоўты пясочак…

А яшчэ былi Шчорсы з закiнутай, зьняважанай будынiнай храптовiцкае бiблiятэкi й нашчэнт згнiлым пнём мiцкевiцкага дуба;Любча з кастэльнаю вежай, ператворанай у вялiзны сьметнiк; Дзяляцiчы з хандогай цэркаўкай у старым парку; Морына з царкоўнiкам, дзе мiрна суседзяцца магiлкi з рускiмi — з «ять», ды польсiмi — пад шляхецкiм гербам — надпiсамi на помнiках (нязвыкла, але чаму не, калi прозьвiшчы адно беларускiя)…

А яшчэ салодкаю мрояй засталiся ў сэрцы рубiнавыя гронкi парэчак i пьянкi водар дзiкiх флёксаў у Пушчы, высокiя падцягнутыя, падобныя на сьвечкi, раскiданыя гожымi латкамi па адхонiстых берагох ядлоўчыкi, i самотная магiла ля каменных сьценаў суворага храма ў Дакудаве. Праваслаўны сьвятар Иаган(!) Сьцяпура, што памёр у 1865-м, ягоная жонка Антанiна — у 1842-м, ды дачка Фёкла — у 1863-м, ляжаць пад адным дахам з фiгурных чыгунных дошак у мiрнай наднёманскай задуменнасьцi…

А Рака ўсё жыве. Хаця б з таго, што амаль кожную ноч вiльготную цiшыню абуджае гучны шматгалосы клёкат бусьлiнае моладзi. Гэтулькi буслоў я ня бачыў нiколi. Сухiя дубы з велiчэзнымi сухiмi гнёздамi стаяць па высокiх берагох часам блiжэй, як у дзесяцi мэтраў адзiн ад аднаго. И паўсюль — сьмешныя бусьляняты з чорнымi караценькiмi дзюбамi й чорнымi танкiмi нагамi. Аднаго разу патрапiўся запраўдны хмарачос з трыма, адзiн над другiм, паверхамi. И на кожным, закiнуўшы дзюбатыя галовы, клякаталi белыя птахi.

Вяртацца ў задушлiвы горад не хацелася страшэнна. Але што рабiць — гэтак здараецца заўсёды.

P.S. Вандроўка адбылася сёлета ў лiпенi ў межах першага этапу экспедыцыi «Залатое руно Панямоньня», наладжанай Беларускiм сацыяльна-экалагiчным аб`яднаньнем «Зялёны мiр», Беларускiм геаграфiчным таварыствам i Менскiм гарадзкiм турысцка-экалягiчным цэнтрам.

Андрэй Захаранка
Мінск